Журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава асудзілі да 14 гадоў турмы, яго жонку Ірыну Злобіну — да 9 гадоў калоніі. Галоўная рэдактарка і дырэктарка «БелаПАН» Ірына Леўшына атрымала 4 гады калоніі, былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі. Акрамя таго, зазначае Вясна, палітвязням прызначылі буйныя штрафы. Справу вёў суддзя Вячаслаў Тулейка. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў ад першага дня лічыць «справу БелаПАН» цалкам палітычна матываванай. Прадстаўнікі выдання абсалютна законна выконвалі свае прафесійныя абавязкі і да самага арышту заставаліся прыкладам высокага стандарту беларускай журналістыкі. Завядзенне крымінальнай справы і вялізныя выракі па «справе БелаПАН» — нішто іншае, як помста прадстаўнікам выдання за сумленную працу і пазіцыю», — гаворыцца ў заяве БАЖ.
Суд над белапанаўцамі зацягнуўся роўна на чатыры месяцы: пачаўся 6 чэрвеня, неўзабаве быў аб’яўлены перапынак на невядомую па сваёй сутнасці «экспертызу», а ў канцы верасня зноў аднавіўся. Усіх фігурантаў справы БелаПАН праваабаронцы аб’явілі палітычнымі вязнямі. Падчас працэсу ніхто з іх вінаватым сябе не прызнаў.
Супрацоўнікаў БелаПАН абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) — Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна;
ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) — Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна;
ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем) — Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Леўшына;
ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў) — Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў.
Усю інфармацыю па справе БелаПАН можна знайсці на гэтай старонцы: blpn.tilda.ws
Comments are closed.