Працягласць уварвання, якое пачыналася пад крыкі расійскіх прапагандыстаў: «Возьмем Кіеў за тры дні!», дасягнула адзнакі ў 10 месяцаў альбо 300 дзён. Дарэчы, на працягу гэтага часу абодва бакі неаднаразова звярталіся і да дэзінфармацыі, і да перабольшання ўласных заслуг і варожых няўдач, аднак, украінцы зараз абсалютна дакладна могуць сцвярджаць, што яны аказаліся роўна ў 100 разоў мацнейшымі, чым разлічвалі расіяне.
І паколькі 300 дзён з пачатку вайны амаль супадаюць з канцом каляндарнага года, можна падвесці некаторыя вынікі вайсковага ўварвання, канца і краю якога пакуль не праглядаецца.
Што мы ўбачылі, за гэтыя 300 дзён? Цалкам ашаламляльную ракетную атаку Расіі раніцай 24 лютага, за якой рушылі расійскія механізаваныя калоны, літаральна ўгрызаючыся ўглыб украінскай тэрыторыі. За першыя некалькі дзён вайны расійскія войскі змаглі прайсці праз усю Чарнігаўскую вобласць, узяць Кіеў у паўатачэнне, значна паглыбіцца на тэрыторыю Сумскай вобласці. У наступныя тыдні будуць занятыя значныя тэрыторыі Запарожскай і Херсонскай абласцей, захвачаны Мелітопаль, Бярдзянск, Херсон – адзіны абласны цэнтр Украіны, які расейцам атрымаецца акупаваць, а Марыупаль будзе ўзяты ў кола і пачнецца яго шматмесячная аблога, якая скончыцца здачай у палон украінскага гарнізона і захопам гэтага важнага партовага і прамысловага цэнтра.
Тым не менш, ужо вельмі хутка ўкраінскія абаронцы пачнуць вельмі працяглы і цяжкі працэс вызвалення сваіх тэрыторый. Ужо 31 красавіка ўкраінскія ўлады паведамяць, што пасля доўгіх і кровапралітных баёў пад Кіевам, расійскія войскі адступілі і Украіна вызваліла Кіеўскую, а за ёй і Чарнігаўскую і Сумскую вобласці. У верасні, у выніку паспяховага наступу на ўсходзе краіны, украінскія войскі аднавілі кантроль над вялікімі тэрыторыямі ў першую чаргу ў Харкаўскай, а таксама ў Луганскай і Данецкай абласцях, вызвалілі гарады Ізюм, Купянск, Ваўчанск. Паралельна з гэтым, у раёне Херсона, украінскія войскі змаглі вельмі моцна ўскладніць забеспячэнне расійскай групоўкі на правым беразе Дняпра. Амаль праз дзевяць месяцаў пасля пачатку вайны, гэтая групоўка была вымушана адступіць за раку, а Расія страціла адзіны захоплены ўкраінскі абласны цэнтр.
Кідаецца ў вочы тое, што Расія, здаецца, не лічыцца са стратамі ў спробах акупаваць Украіну. На працягу ўсёй вайны паступае інфармацыя аб вялізных стратах з боку расійскіх вайскоўцаў і прарасейскіх сепаратыстаў. За некалькі месяцаў вайны, страты Расіі перавысілі страты СССР у Афганістане. У расійскага камандавання ніяк не атрымліваецца схаваць маштабы гэтых страт. Пры гэтым, адсутнасць афіцыйных паведамленняў аб стратах на фронце, за выключэннем рэдкіх выпадкаў адкрытай хлусні спадара Канашэнкава, ствараюць плённую глебу для розных здагадак і нават перабольшанняў. На іншым баку сітуацыя трохі лепшая. Відавочна, што ўкраінскае войска нясе значна меншыя чалавечыя страты проста з прычыны якаснай перавагі, аднак украінскія афіцыйныя асобы таксама не даюць вялікай колькасці інфармацыі.
Пяройдзем да лічбаў. Па паведамленнях украінскага Генеральнага штаба ўзброеных сіл, які абнаўляе інфармацыю аб стратах РФ у вайне кожны дзень, за 300 дзён вайны Расія страціла каля 99 тысяч чалавек. Варта адзначыць, што ўкраінскі Генштаб адносіць у гэты спіс наогул усе страты РФ, у тым ліку ўсіх параненых і зніклых без вестак. Трэба разумець, што паранены салдат – гэта не заўсёды незваротная страта. Менавіта таму, прапанаваная ўкраінскім бокам лічба ў амаль 100 тысяч чалавек страт з расійскага боку – гэта лічба ўнушальная, але патрабуе больш дэталёвага разбору.
Свой падлік вядуць расійская служба BBC і расійскае выданне «Медиазона». Іх лічбы не адлюстроўваюць рэальных страт расійскага войска, бо падлік вядзецца па інфармацыі з адкрытых крыніц. BBC вядзе пайменны спіс загінулых расійскіх салдат. Варта адзначыць, што гаворка ідзе толькі пра вайскоўцаў узброеных сіл Расіі, Расгвардыі і ФСБ. Страты сярод наймітаў, а таксама баевікоў самаабвешчаных ЛНР і ДНР не падлічваліся. На пачатак снежня ў спісе было ўжо 10 тысяч імён. Пры гэтым выданне адзначае, што гэты спіс можа змяшчаць на 40-60% менш імёнаў, чым рэальна пахавана ў Расіі. І вось тут трэба звярнуць увагу на слова «пахавана». Асаблівасці расійскага падліку страт заключаюцца ў тым, што ў спісы загінуўшых трапляюць толькі тыя салдаты, чыё цела ўдалося даставіць у Расію і апазнаць. У адваротным выпадку, салдат будзе лічыцца без вестак прапаўшым. Пры гэтым, калі верыць паведамленням украінскіх афіцыйных асоб і прадстаўнікоў медыя, Расія часам адмаўляецца забіраць целы сваіх загінуўшых. Асабліва шмат такіх паведамленняў прыходзіла ў пачатку вайны, калі расійскае войска панесла самыя вялікія страты. У цэлым, BBC мяркуе, што рэальная колькасць расійскіх беззваротных страт сапраўды можа перавышаць 90 тысяч чалавек.
Ну і проста для азнаямлення прапануем афіцыйную расійскую адзнаку страт з расійскага ж боку. Упершыню дакладная лічба страт расійскім бокам была агучаная 21 верасня. Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што Расія нібыта страціла 5937 чалавек забітымі з пачатку ўварвання. Як можна заўважыць, гэтая лічба амаль у два разы менш дакладна пацверджаных толькі па адкрытых крыніцах страт.
Украінскі бок не дае дакладных лічбаў сваіх страт, толькі прыкладныя. Гэтыя лічбы хоць і ўскосна, але пацвярджаюцца і іншымі крыніцамі. Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк 1 снежня паведаміў, што ўкраінская армія страціла каля 13 тысяч салдат забітымі. Колькасць палонных, зніклых і параненых ён не ўдакладняў.
Некаторыя заходнія эксперты лічаць, што насамрэч страты з украінскага боку могуць быць прыкладна роўныя расійскім.
У лістападзе старшыня аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША, генерал Марк Мілі, ацэньваў сукупныя страты Украіны і Расіі ў вайне як 200 тысяч забітых і параненых. Тады ён таксама дадаваў, што па ягоных даных, каля 40 тысяч мірных жыхароў таксама былі забітыя падчас баявых дзеянняў.
Што ж тычыцца стратаў у тэхніцы з абодвух бакоў. Тут таксама не ўсё так проста з падлікамі і праблемы прыкладна тыя ж, што і з падлікам страт асабовага складу. Ёсць пэўная розніца паміж тэхнікай знішчанай, кінутай і пашкоджанай. Далёка не ўся тэхніка, якая атрымала пашкоджанні, зʼяўляецца беззваротна страчанай. Фактычна ж, даведацца аб рэальных незваротных стратах можна толькі двума спосабамі: захапіўшы адпаведную дакументацыю вызначанага падраздзялення суперніка, або дачакацца апублікавання гэтых даных кіраўніцтвам адной з краін. Другі варыянт ва ўмовах вайны, прычым не толькі традыцыйнай, але і інфармацыйнай, немагчымы. Першы варыянт магчымы, але вельмі рэдка і не дае ўяўлення аб стратах ва ўсіх воінскіх злучэннях.
Што да афіцыйна абнародаванай інфармацыі, украінскі Генштаб публікуе лічбы, якія ў параўнанні з данымі іншых крыніц можна назваць залішне аптымістычнымі. Напрыклад, 19 снежня Генштаб паведаміў, што з пачатку вайны войска РФ пазбавілася амаль трох тысяч танкаў, шасці тысяч ББМ, дзвюх тысяч артсістэм і шмат чаго іншага. З чым мы можам гэта параўнаць? Расійскі бок не прыводзіць колькі-небудзь дакладных даных аб гэтых стратах, таму звернемся да маніторынгавай групы Eryx, якая падлічвае страты ў тэхніцы на вайне ва Украіне выключна па наяўных у сетцы фотаздымках. Па даных маніторынгавай групы, расійскі бок за 300 дзён вайны страціў 8480 адзінак тэхнікі. З іх крыху больш за паўтары тысячы – танкі. Гэта ў два разы менш за падлікі ўкраінскага генштаба. Прыкладна такое ж разыходжанне ў даных па стратах баявых браніраваных машын з расійскага боку. Па інфармацыі маніторынгавай групы, Расія страціла каля трох тысяч бронемашын як колавых, так і гусенічных і крыху больш за дзве тысячы небраніраваных аўтамабіляў і грузавікоў.
Сярод іншага, Расія ўжо страціла 154 адзінкі буксуемай і 299 адзінак самаходнай артылерыі. Калі казаць пра артылерыю, відавочна, што і гэта далёка не ўся страчаная артылерыя. Апроч баявых страт, ёсць і небаявыя, а менавіта – знос артылерыйскіх ствалоў. Гэтыя страты без раскрыцця адпаведнай дакументацыі ацаніць вельмі складана. Па жнівеньскіх ацэнках экспертаў выдання The Insider да канца каляндарнага года Расея сутыкнецца з праблемай зносу амаль усіх сваіх артылерыйскіх ствалоў і з праблемай вострага недахопу снарадаў. Гэтыя ацэнкі таксама ўскосна пацвярджаюцца і рознага роду экспертамі\прапагандыстамі з расійскага боку, знаёмымі з сітуацыяй на фронце. Расійскі блогер-прапагандыст, які раней ваяваў у складзе незаконных прарасійскіх фармаванняў ва Украіне ў званні сяржанта, Андрэй Марозаў, у сваім артыкуле ад 19 снежня паведамляе аб актыўным выкарыстанні ўжо танкаў для стральбы з закрытых пазіцый у якасці артылерыі. Пры гэтым сам прапагандыст адзначае, што такое выкарыстанне танкавых ствалоў прывядзе да яшчэ больш хуткага іх зносу, бо яны для гэтага не прыстасаваныя.
Таксама па пацверджаных фатаграфіямі даных, Расія страціла:
67 баявых самалётаў,
72 баявыя верталёты,
12 караблёў і катэраў, у тым ліку ракетны крэйсер «Масква» і вялікі дэсантны карабель «Саратаў».
Даныя расійскага боку аб стратах ва ўзброеных сілах Украіны яшчэ больш аптымістычныя. Згодна з МА РФ за трыста дзён вайны, Украіна страціла больш за 7 000 танкаў і баявых браніраваных машын, 344 баявых самалёта і 184 баявых верталёта, больш за тры з паловай тысячы артылерыйскіх сістэм. Даныя па знішчанай верталётнай і самалётнай тэхніцы, прадстаўленыя расійскім бокам, у два разы перавышаюць агульную колькасць гэтай тэхнікі ва ўкраінскім войску на пачатак 2022 года. Застаецца загадкай, адкуль яе столькі ва Украіны ўзялося.
Як піша маніторынгавая група Eryx, з пачатку вайны Украіна дакладна страціла знішчанымі і пашкоджанымі 51 баявы самалёт, 4 транспартныя самалёты і 25 верталётаў, а таксама, 14 ударных беспілотнікаў «Байрактар». Што тычыцца тэхнікі, то па інфармацыі назіральнікаў, украінская армія страціла знішчанымі, захопленымі і пашкоджанымі 435 танкаў, каля 1300 бронемашын усіх тыпаў, 79 адзінак буксуемай і 91 адзінку самаходнай артылерыі.
Варта адзначыць, што колькасць захопленых у Расіі адзінак тэхнікі па некаторых пазіцыях перавышае страты. Па дадзеных маніторынгавай групы, грунтуючыся на фотаздымках, УСУ захапілі 2 689 адзінак баявой тэхнікі, з якіх толькі танкаў было захоплена 534 штукі. З-за гэтага ва Украіне нават пачалі называць Расію галоўным пастаўшчыком вайсковай тэхнікі.
Такім чынам, толькі чалавечыя страты расійскага боку за 300 дзён так званай «спецаперацыі» перавысілі страты СССР па выніках дзесяці гадоў вайны ў Афганістане, якія ацэньваюцца прыкладна ў 15 тысяч забітых і каля 54 тысяч параненых, што амаль удвая менш за цяперашнія расійскія страты.
У В’етнаме Злучаныя Штаты, таксама за 10 гадоў, страцілі больш за 58 тысяч забітымі і больш за 300 тысяч параненымі.
Comments are closed.