Loading

На стаўшую ўжо традыцыйнай акцыю салідарнасці з журналістам і дзеячам польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам выйшлі 25 красавіка прадстаўнікі беларускай дыяспары і актывісты польскага руху. У зняволенні з-за палітычных прычын Анджэй знаходзіцца ўжо 25 месяцаў.

Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута праходзіць кожны месяц, звычайна каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку. Дата правядзення прымеркавана да 25 чысла, калі ў сакавіку 2021 года Пачобут быў затрыманы лукашэнкаўскімі ўладамі. Таксама рэспрэсіі ў той час спазналі яшчэ чатыры дзеячкі польскай меншасці – Марына Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая, Анжаліка Борыс і Ганна Панішава. Акрамя Борыс, усе жанчыны пасля трох месяцаў зняволення былі вывезены на мяжу з Польшчай і адпушчаны. Зараз з Анджалікі Борыс зняты ўсе абвінавачванні. У сваю чаргу Анджэй Пачобут у лютым гэтага года быў асуджаны на восем гадоў зняволення па палітычна матыванай справе. Такім чынам за кратамі ён знаходзіцца ўжо больш за два гады і прызнаны палітычным вязнем.

«Зараз Анджэй чакае разгляду сваёй апеляцыі ў Вярхоўным судзе Беларусі», – распавёў, распачынаючы акцыю, гродзенскі журналіст Ян Роман, які зноў жа з-за палітычнага пераследу быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. Затым слова ўзяла Марына Цішкоўская.

«Анджэй Пачобут вельмі вядомы ва ўсім свеце. Вядомы як журналіст, як паляк, як выдатны краязнаўца і вялікі патрыёт свайго краю. Ён чакае вынікаў апеляцыі. Мы вельмі спадзяемся, што ўсё будзе так, як хацелася б. Кожны раз, калі я тут выступаю, мне вельмі цяжка ўспамінаць і гаварыць пра тое, як у той дзень нас арыштавалі чатырох, чатырох палякаў арыштавалі проста за іх польскасць, за іх пазіцыю. За два месяцы зняволення я прайшла тры турмы: усім вядомае Акрэсціна, Валадарку і Жодзіна. Ніхто з нас, з нас чатырох, не ведаў, як складзецца наш лёс, што нас чакае. Нас вывезлі ў Польшчу, не вяртаючы дадому, а Анджэя – у гэтую турму», –распавяла Марына Цішкоўская.

Марына Цішкоўская

Пра тое, што акцыя салідарнасці тычыцца таксама ўсіх беларускіх палітычных вязняў, нагадаў Ян Роман.

«Мы збіраемся тут штомесяц, каб нагадаць не толькі пра нашых землякоў, але і пра больш чым 1500 беларусаў, грамадзян Беларусі, якія сёння знаходзяцца ў турмах толькі таму, што імкнуліся да свабоды. Вядома, што сярод тых, хто знаходзіцца за сценамі турмы, ёсць і Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. І ўвогуле рэдкі выпадак у гісторыі, каб нобелеўскі лаўрэат апынуўся за кратамі».

Ян Роман

Журналіст і сябра ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Хільмановіч распавёў пра палітычна зняволеных гродзенскіх журналістаў Паўла Мажэйку і Дзяніса Івашына, а таксама адзначыў, што пераслед Анджэя Пачобута мае сістэмны характар.

Уладзімір Хільмановіч

Comments are closed.